ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КІБЕРНЕ́ТЫКА,
навуковы кірунак, у якім для даследавання і арганізацыі працэсаў кіравання ў эканам. сістэмах выкарыстоўваюцца метады і сродкі кібернетыкі. Яе сфера — пытанні арганізацыі кіравання эканомікай краіны ў цэлым, асобных рэгіёнаў, галін нар. гаспадаркі, прамысл. комплексаў і іх структурных падраздзяленняў. Асн. кірунак і адна з найважн. мэт Э.к. — распрацоўка тэорыі пабудовы і функцыянавання аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК). Э.к. як навука не існуе асобна. Яна ўключае сістэмны аналіз, тэорыю эканам. інфармацыі, тэорыю кіравальных сістэм у эканоміцы, а таксама эканоміка-матэматычнае мадэліраванне, эканаметрыю і інш. У такім выпадку тэрмін «Э.к.» разумеецца як эканоміка-матэматычныя метады ў цэлым.
М.І.Холад.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)